КРЫЛАТЫЯ БЕЛАРУСІЗМЫ
Партвейну мы не аддамо!
Ужываецца, калі нехта настроены бараніць нешта вельмі для яго дарагое і нават сьвятое - што ў агульначалавечай сыстэме каштоўнасьцяў, зрэшты, такім не зьяўляецца.
Адкуль пайшло
Ёсьць легенда, што o 1990-я падчас аднаго са сходаў спэцыялістаў па мове, айцоў нацыі і іншых аўтарытэтаў, якія меліся ўнармаваць беларускі клясычны правапіс (ака "тарашкевіцу"), зайшла гаворка пра запазычаньні зь нямецкай: маўляў, годзе паўтараць за маскалямі, якія трансьлітэруюць нямецкія дыфтонгі (Фрэйд, Лейпцыг) - варта ўстаць на шлях транскрыпцыі (Фройд, Ляйпцыг). Такім чынам меркавалася мяняць усе запазычаныя словы, дзе сустракаюццца такія дыфтонгі: Айнштайн, Райхстаг, глінтвайн, партвайн... На слове "партвайн" узьняўся пісьменьнік Уладзімер Арлоў і цьвёрда ды рашуча заявіў: "Не. Партвейну мы вам не аддамо".
І сапраўды: у параграфе 80 БКП-2005 (ст. 82) чытаем:
"У пазычаньнях зь нямецкае мовы спалучэньне ei перадаецца праз ай(яй): гаўляйтэр, глінтвайн, майстар, партвайн (побач з партвейн).
Афіцыйна тлумачыцца, па-мойму, уплывам на мову савецкай дысідэнцкай культуры.
Мы вернемся сюды на танках!
Ужываецца, зь мілітарыстычным патасам або безь яго, датычна месца, у якое хочацца вярнуцца і лічыць сваім.
Адкуль пайшло
З датамі ў мяне праблема, але адбылося гэта ў першы год нелегальнага існаваньня Коласаўскага Ліцэю. Расказвалі такую гісторыю. Першую сэсію падпольнай школы прытуліў у сябе магістрат Вільні. Разам з вучнямі і настаўнікамі ў Літву выправіўся нязьменны кіраўнік тэатральных і паэтычных гурткоў ды ўзьнімальнік агульнай культуры ліцэістаў знакаміты усім, апроч сваёй паэзіі, Сяргей Патаранскі. У знак падзякі віленчукам ліцэісты зладзілі канцэрт, на якім прысутнічалі літоўскія дыпляматы, мэр Вільні і іншыя высокія чыноўнікі. Канцэрт скончыўся на прыязнай і сяброўскай ноце. І тут на сярэдзіну залі выйшаў Сяргей Патаранскі і сказаў: "Хвіліначку ўвагі! А цяпер я пачытаю вам верш пра нашу, беларускую Вільню!" І гучна ды з імпэтам у твар усім гэтым чыноўнкам пачаў чытаць верш, які пачынаўся з радка: "Мы вернемся сюды на танках..."
Кажуць, пры высяленьні вучняў і настаўнікаў з інтэрнату, адміністрацыя далікатна папрасіла кіраўніцтва Ліцэю "ў наступны раз гэтага даўгога з сабой ня браць". Але не празь верш, а праз тое, што ён размаляваў выбеленыя сьцены ў пакоі - у асноўным б-ч-б сьцягамі ды беларускай Пагоняй.
У мяне ключы ад "Чарадзея"!
Ужываецца ў значэньні "безь мяне не пачнуць" - калі ты па нейкай прычыне лічыш сябе асноўным у нейкай справе.
Пайшло з фрашкі
Ёсьць яшчэ пару фразачак, падчэпленых зь беларускага року, але на гэтай тройцы я, відаць, спынюся. Цікава, а ці ўжываеце вы нешта такое? "Сьвінтус грандыёзус" і "Агульную млявасьць..." не прэдлагаць! (Яшчэ адзін мой любімы выраз - "Аранжавыя тазікі не прэдлагаць" - з фільму "Гудбай, Бацька!"




